«Я́БЛЫК РАЗЛА́ДУ»,

выраз звязаны са стараж.-грэч. міфам пра яблык з надпісам «Найпрыгажэйшай», які ў час вяселля героя Пелея з марской багіняй Фетыдай быў кінуты сярод гасцей багіняй разладу Эрыдай (з помсты, што яе не запрасілі на баль). За права валодаць яблыкам пасварыліся багіні Гера, Афіна і Афрадыта. Вырашэнне спрэчкі паміж імі Зеўс аддаў на разгляд траянскага царэвіча Парыса, які прысудзіў яблык Афрадыце. Тая за гэта дапамагла яму ўкрасці жонку спартанскага цара Менелая прыгажуню Алену, што стала гал. падставай для пачатку Траянскай вайны. Т.ч., паводле міфа, разлад «з-за яблыка» паміж багінямі перайшоў у шматгадовы крывавы разлад паміж людзьмі. Звязаны з «Я.р.» сюжэт «суд Парыса» карыстаўся вял. папулярнасцю ў выяўл. мастацтве (Л.​Кранах Старэйшы, П.​П.​Рубенс і інш.). У пераносным сэнсе «Я.р.» — прычына сваркі, разладу, спрэчак.

т. 18, кн. 1, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)